Аляксандар Сасноў: Настаў час зьняць абмежаваньні для росту заробкаў у прыватным сэктары
Беларускія прадпрымальніцкія структуры прапануюць адмяніць адзіную тарыфную сетку ў недзяржаўным сэктары, такім чынам зьняўшы абмежаваньні для росту заробкаў.
Ці пойдуць дзяржаўныя структуры на гэты крок, чаму ня ўсе чыноўнікі вітаюць гэтую ідэюў Хто выйграе і прайграе ад скасаваньня штучных абмежаваньняў у заробкахў На гэтыя пытаньні адказвае былы міністар працы Аляксандар Сасноў.
— Вырашэньне праблемы так, як прапануюць прадпрымальнікі, — даўно насьпела. Гэта будзе крок у слушным накірунку. Некалькі гадоў таму ўрад распаўсюдзіў дзяржаўную тарыфікацыю на ўсе суб'екты гаспадараньня, у тым ліку недзяржаўныя. Яшчэ калі ў 2000-ым годзе ўвялі ў дзеяньне Працоўны кодэкс, там ёсьць норма, якая прымушае ўсіх прымяняць дзяржаўную тарыфікацыю. Ніхто яе рэальна не выконвае, але такая норма ёсьць.
Калі прадпрымальнікі кажуць, што гэта варта адмяніць — гэта натуральна, гэта даўно варта зрабіць.
Што тычыцца засьцярпогаў некаторых чыноўнікаў, што такі крок нібыта прывядзе да зьніжэньня адлічэньняў у бюджэт, то гэта сьмешна. Калі прадпрымальнікі будуць плаціць сваім наёмных работнікам больш, то і адлічэньняў у бюджэт будзе больш. Іншая справа, многія цяпер плацяць у канвэртах паводле шэрых схемаў.
Яшчэ некаторых вэртыкальнікаў палохае, што ў прыватным сэктары, пачнуць у такім выпадку атрымліваць нашмат болей (асабліва калі яны будуць імкнуцца працаваць болей), у той час як у дзяржаўным сэктары многія прадпрыемствы працуюць па тры дні на тыдзень.
На гэта я кажу: ёсьць і іншы чыньнік — у такім выпадку прыйдзе неабходнасьць пазбаўляцца ад дзяржаўнай маёмасьці. Вось што насамрэч палохае чыноўнікаў. Ім ня будзе чым кіраваць — і столькі чыноўнікаў над эканомікай, колькі існуе зараз, стануць непатрэбныя.
Што да бюджэтнай сфэры, то тут варта захаваць дзяржаўныя тарыфныя стаўкі. Зразумела, трэба іх мадэрнізаваць, паляпшаць. Што да недзяржаўнай, то гэта поўны нонсэнс, калі чыноўнікі лезуць туды кіраваць і рэгуляваць такімі мэтадамі.
Материал по теме:





