Супрацьвага крызісу – моцны сямейны тыл

Ёсць меркаванне, што псіхалагічна жанчына больш устойлівая за мужчыну. Маўляў, якія б цяжкасці не былі, а мацярынскі інстынкт дапаможа засяродзіцца на вырашэнні праблем, а не на ўласных перажываннях, адрозна ад мужчын. Выглядае, што цяпер, калі паўсюдна кажуць пра крызіс і рост папулярнасці паслугаў псыхааналітыкаў і псіхолагаў, моц жаночай псіхікі павінна быць вельмі дарэчы і праяўляцца больш красамоўна. Але ці праўда, што жанчынам лягчэй перажыць крызыс?

"Мужчына – ЯК  БЫЦЦАМ кармілец. Адтуль і міфы"

На думку кандыдата гістарычных навук, стваральніцы і старшыні грамадскай арганізацыі "Беларуская жаночая ліга" Ніны Стужынскай,  крызіс толькі паглыбіў дыскрымінацыю  жанчыны ў беларускім грамадзтве. "У любой сітуацыі у нас мужчына больш абаронены за жанчыну. Гэткую маем патрыярхальную традыцыю. Як быццам кармілец сям’і. Хаця даўно ўжо ён ніякі не кармілец. А цяпер дык наагул фішка такая – КРЫ-ЗІС. І не трэба шукаць ніякіх падстаў для звальнення: крызіс і ўсё".

Гендэрная нераўнавага беспрацоўных, зарэгістраваных у мінскіх бюро занятасці насельніцтва ад крызісу змянілася мала. Начальнік такога бюро ў Савецкім раёне сталіцы сьведчыць: "Як было – гэтак і засталося: у беспрацоўя жаночы твар"…

Паводле дадзеных на 13 лютага,  распавёў начальнік упраўлення занятасці пры Мінгарвыканкаме Чэслаў Роўба, колькасць вакансій скарацілася ў адносінах да пачатку года на пяць працэнтаў, і зараз лічба гэтая – 15 600. У рэгіёнах, выглядае, крызіс працоўных месц бачны наўпрост – усё ж на відавоку, расказвае грамадская актывістка з Верхнядзьвінску Валянціна Кудлацкая:

– Ідзе скарачэнне дзіцячых садкоў, скарачэнне школаў – тыя сферы, дзе найбольш занятыя жанчыны. Ідзе скарачэнне сеткі вузлоў паштовай сувязі, аддзяленняў сувязі – таксама большая частка працоўных там жанчыны.  І мне падаецца (не дай Бог), але выглядае на тое, што гэта ўсё толькі пачынаецца, далей будзе толькі пагаршацца. Адчуваецца, што беспрацоўе ў сфэры адукацыі, мэдыцынай, абслугоўваньня будзе расці. Да прыкладу, сетка абслугоўвання, дзе занятыя ў асноўным жанчыны – у нашым раёне ўжо амаль што адсутнічае.

На тое ён і мужчына, каб піць?

Свежая праблема крызіснага беспрацоўя яшчэ больш узмацніла даўнішнюю праблему сацыяльную, каж Ніна Стужынская:

– У мяне свая сацыялогія, як палітыкі любяць казаць. Я жыву ў дастаткова маленькім асяродку. Дык вось галаву даю, як той казаў – дзевяць сямей з дзесяці трымаюцца на жанчыне. Апроч таго, калі казаць пра вёску, то лічыцца паспяховай сям’я, дзе жанчына не п’е. Бо п’яніца-мужчына – гэта норма. Ніхто не здзіўляецца. Маўляў, мужчына” Спрадвеку так было...

Хто на новенькага?

На думку эканаміста Міхала Залескага, складанасці працаўладкавання ў часе крызісу для мужчын і жанчын вельмі розныя:

– Возьмем апошні дакрызісны перыяд. Заробкі жанчын у Беларусі на аднолькавых пасадах з мужчынамі – на 30 працэнтаў ніжэй за мужчынскія. А што адбываецца цяпер? Моцная рэдукцыя заработнай платы. І ствараецца ўсё больш і больш працоўных месцаў з вельмі нізкім узроўнем зарплаты. І яны замяшчаюцца жанчынамі. Жанчыны раней прыходзяць на месцы, на якія мужчыны не ідуць у спадзеве знайсці нешта лепшае…

Што пнём аб саву, што савой аб пень

Калі ж гутарка пра сельскую гаспадарку, то беспрацоўе і наяўнасць працы – амаль раўназначныя па матэрыяльных паказніках, паводле назіраньняў Валянціны Кудлацкай:

– Тыя заробкі, якія ёсць у сельскай гаспадарцы, дзе жаночай працы вельмі шмат, яны здзеклівыя. Так, магчыма, чалавек працуе і яму не пагражае скарачэнне. Але тое, што ён мае цяпер, – гэта мізэрныя грошы, якіх хапае толькі на хлеб і малако.

Стэрэатыпы – не на карысць псіхічнаму здароўю

– Мужчын выхоўваюць у думках, што яны павінны дамінаваць: больш працаваць, больш зарабляць, – дзеліцца назіраньнямі Міхал Залескі. – Калі яны не адпавядаюць гэтаму вобразу, наступствы могуць быць паталагічныя: у нас пра гэта статыстыкі я не бачыў, а польскія псіхіятры гавораць, што асноўная маса кліентаў сёння – гэта эфектыўныя і паспяховыя менеджэры 30-35 гадоў, маладосць якіх прыйшлася на час уздыму. І цяпер яны ў жудаснай разгубленасці і дэпрэсіі.

З гендэрным  падзяленнем – каму на Беларусі лягчэй жыць – не пагаджаецца беларускі псіхолаг Жана Міцкевіч. На яе погляд, агулам меркаваць аб сітуацыі – няслушна:

– Гэта міф, што жанчына моцная. Кожны чалавек па-свойму стрэсаўстойлівы альбо нястрэсаўстойлівы. І сказаць, што мужчына больш перажывае за жанчыну, – нельга. Бо ў перыяд крызісу будуць больш на працы развітвацца з жанчынамі, чым з мужчынамі.

Іншая справа – у сітуацыі крызісу чалавеку патрэбны псіхалагічны прытулак, месца і асяроддзе, дзе зразумеюць і падтрымаюць. Хаця б – маральна.

Адпаведна, перажывуць час крызісу з найменшымі  стратамі тыя, хто маюць моцную сям’ю, упэўнена  Жана Міцкевіч:

– Там дзе ёсць парадак у сям’і, дзе ёсць добрыя сямейныя зносіны, там, дзе сям’я неаднаразова выходзіла з нейкіх цяжкасцей дзякуючы ўзаемнай падтрымцы і дапамозе, –  там і будзе найбольш устойліва. Таму – раўненьне на моцную сям’ю!

Loading...