Пастухі зарабляюць больш за праграмістаў?

Еўрарадыё адшукала самыя цікавыя прапановы працы на сайтах міністэрства працы ды мінгарвыканкама. Паводле іх, заробак дворніка ў Адміністрацыі прэзідэнта больш за прафесарскі.

На інтэрнэт-старонцы Мінгарвыканкама мы знайшлі шмат цікавых аб'яваў. Напрыклад, дворнік можа атрымліваць ад 150 тысяч рублёў у дзіцячым садочку да 600 тысяч рублёў у Галоўным гаспадарчым упраўленні Ўпраўлення справамі прэзідэнта Беларусі.

Падатковаму інспектару і прафесару кафедры ў Акадэміі мастацтваў наймальнікі прапануюць толькі 500 тысяч рублёў. А інжынеру-праграмісту Гродзенскага універсітэта прапануюць 450 тысяч.

Пакуль застаецца вольным месца сістэмнага адміністратара ў Галоўным гаспадарчым упраўленні Ўпраўлення справамі прэзідэнта з заробкам у 1 мільён 600 тысяч рублёў. Гэта самы высокі заробак сісадміна.

Ёсць месцы манікюркі (700 тысяч рублёў), цырульніцы (1 мільён рублёў) ва унітарным прадпрыемстве "Кащей".

Нажаль мы ўжо не змаглі уладкавацца на працу пастухом у Пружанскім райаграсэрвісе. Вакансія такая была, але жадаючых і без нас хапала. Бо заробак пастуха каля мільёна рублёў!

Супрацоўніца Пружанскага райаграсэрвіса: "Каля мільёна. Добрая зарплата, ніхто нічога не гаворыць, але і праца цяжкая".

Як высветлілася, пастух суткі працуе, а суткі адпачывае. За жывёлай трэба наглядаць і ўначы, і ўдзень.

Таксама Еўрарадыё зацікавілася аб’явай пра вакансію паштальёна ў Петрыкаўскім раёне з заробкам аж у 62 тысячы рублёў. У мясцовым аддзеле паштовай сувязі нас супаколі, маўляў, гэта толькі за чвэрць стаўкі.

Супрацоўніца Петрыкаўскага раённага вузла сувязі: "196 тысяч — гэта разліковы аклад. У нас паштальёны, якія стараюцца, тыя і па 400 тысяч атрымліваюць".

Але, каб добра зарабляць, паштальён павінен прадаваць тавары народнага спажывання, падпісваць мясцовых жыхароў на выданні, прадаваць газеты і латарэі. Інакш яго заробак крыху больш за 200 тысяч рублёў.

Можна знайсці і вакансіі на месца даяркі. У аб’явах заробак за такую працу вагаецца ад 200 да 870 тысяч рублёў. Мы выбралі саўгас "Рассвет" Мінскага раёна.

Супрацоўніца саўгаса "Рассвет": "Калі вы будзеце групай нармальна даіць, то можна і мільён, і больш атрымліваць. А можна і 300 тысяч, калі піць гарэлку і гуляць".

Затое заробак выхавацелькі дзяцей, якую шукае "Дзіцячы гарадок" Ленінскага раёна Мінска, ажно 1 мільён рублёў. Толькі вось кандыдатка на яе месца павінна быць ва ўзросце ад 25 да 45 гадоў і абавязкова незамужняй.

Супрацоўніца "Дзіцячага гарадка": "Мужчына яшчэ не гатовы, каб займацца дзецьмі-сіратамі вось у такіх умовах. Ён прыходзіць з працы, добра пад’еў тое, што не ядуць дзеці, зачыніў шчыльна дзверы і глядзіць сабе тэлебачанне, і пры гэтым жыве на поўным дзяржаўным забеспячэнні".

Еўрапейскае радыё для Беларусі
26.03.2009

Loading...