Каледжы аб’яднанага свету чакаюць навучэнцаў з Беларусi

Удалая кар’ера пачынаецца з добрай адукацыі. Каледжы аб’яднанага свету (UWC) маюць бездакорны досвед: сярод іх выпускнікоў – людзі, якія сталі прэзідэнтамі, міністрамі, кіраўнікамі буйных карпарацый.

UWC logo

Каледжы аб’яднанага свету, КАС (англ. United World Colleges, UWC) даюць сваім навучэнцам перадуніверсітэцкую адукацыю высокага  узроўню. Навучанне тут вядзецца па сістэме Арганізацыі міжнароднага бакалаўрата, АМБ (англ. International Baccalaureate Organisation, IBO). Каледжы забяспечваюць стандарт падрыхтоўкі да ВНУ, які прызнаны болей чым у 130 краінах, у тым ліку ў Еўрапейскім Саюзе, ЗША і Канадзе.


Беларусы паступаюць у КАС з 1994 г. Сёлета адразу шэсць каледжаў прымуць 16-17-гадовых дзяўчын і хлопцаў з нашай краіны – болей, чым калі-небудзь раней. Ва многім гэта стала магчымым дзякуючы таму, што добра паказалі сябе ранейшыя беларускія навучэнцы. У 2010 г. прыём з Беларусі пачаўся і ў новы каледж, які летась заснаваны ў г. Маастрыхце (правінцыя Лімбург, Нідэрланды). 

А ўсяго ў свеце 13 такіх каледжаў. Навучанне ў іх бясплатнае, што стварае роўныя ўмовы для здольнай моладзі з розных сацыяльных груп і краін з розным узроўнем дабрабыту. Іншымі словамі, у адной групе могуць навучацца і сялянскія дзеці, і член каралеўскай сем’і. Дарэчы, узначальвае сістэму Каледжаў аб’яднанага свету Яе вялікасць каралева Іарданіі Нур.  

Падрыхтоўка ў каледжах вядзецца па некалькіх накірунках ведаў, на выбар навучэнца. Таму выпускнікі КАС вядомыя ў самых розных сферах дзейнасці. Гэтыя каледжы закончылі, напрыклад, прэзідэнт Батсваны Ян Кхама, кіраўнік кампаніі “Нокіа” Йорма Олліла і канадскі астранаўт Джулія Пайеттэ. 

Паступіць у КАС можна толькі па конкурсе. Гэта складана, і вучыцца там таксама нялёгка. Навучэнцы мусяць быць самастойнымі асобамі ўдалечыні ад дому і бацькоўскага кантролю. Адпаведна, конкурсная камісія звяртае ўвагу на такія якасці прэтэндэнтаў, як моцны характар і ўпэўненасць у сваім імкненні.     

У каледжах – 2 гады навучання. Прыкладна ў сярэдзіне другога курсу навучэнцы пачынаюць выбіраць сваю будучую вышэйшую навучальную ўстанову. Гэты працэс сустрэчны: не толькі навучэнец шукае ВНУ, але і ВНУ шукаюць тых, каго б яны хацелі мець сваімі студэнтамі. У каледжы прыязджаюць прадстаўнікі універсітэтаў, якія сустракаюцца з абітурыентамі. Звычайна заявы падаюць адразу ў некалькі ВНУ.

UWC students

Напрыканцы другога курсу навучэнцы здаюць выпускныя іспыты, якія праводзіць тая самая АМБ. Яна незалежная ад каледжаў, і на адзнакі ні можа паўплываць нішто, акрамя ведаў (нават калі ты – член каралеўскай сям’і). Пасля атрымання выпускных адзнак навучэнец канчаткова вырашае, куды ён будзе паступаць далей. Чым вышэй адзнакі – тым больш выбар. Беларускія выпускнікі КАС, калі паступаюць у замежныя ВНУ, звычайна прэтэндуюць на поўную стыпендыю.

Сродкі для навучання такіх студэнтаў паступаюць ад фундатараў. Адзін з іх – Шэлбі Дэвіс, амерыканскі мільярдэр і дабрачынец. “У першай траціне жыцця чалавек павінен вучыцца. У другой траціне – зарабляць. У трэцяй частцы жыцця – ахвяраваць для тых, хто хоча вучыцца” – такая яго філасофія. Шэлбі Дэвіс з сваіх грошай заснаваў спецыяльны фонд, які штогод выдаткоўвае 14 млн. даляраў для навучання выпускнікоў КАС. У заходніх ВНУ на гэтыя сродкі атрымліваюць  адукацыю 1695 студэнтаў з 133 краін, у тым ліку з Беларусі.

На здымку: Беларускія навучэнцы Адрыятычнага каледжу (Італія): Аліна Паянкова, Міхаіл Рэуцкі, Макар Маліноўскі.

Mojazarplata.by
05.02.2010

Заполните Анкету о Работе и Зарплате
Loading...